АКТУАЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ АЙЧЫННАЙ ГІСТОРЫІ ЗНОЎ АБМЕРКАВАЛІ ДАСЛЕДЧЫКІ
26 кастрычніка 2023 г. на факультэце гісторыі і міжкультурных камунікацый ГДУ імя Ф. Скарыны адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX – XXI стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы”. У яе адкрыцці бралі ўдзел прарэктар па навуцы ГДУ імя Ф.Скарыны Дз.Л. Каваленка, прарэктар па бяспецы, рэжыму і кадрах ГДУ імя Ф.Скарыны А.М. Куксо, якія падкрэслілі значнасць сучасных гістарычных пошукаў і аб’ектыўнай ацэнкі гісторыі для развіцця беларускай дзяржавы. Дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый С.А. Чаропка растлумачыў асноўныя накірункі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у сферы захавання гістарычнай памяці.
Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX – XXI стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы” праводзілася ў восьмы раз. І кожны этап прыносіць новыя навуковыя здабыткі. Пры гэтым старанна захоўваюцца традыцыі, назапашаныя ў мінулым, – прадстаўляць айчынную гісторыю і культуру на прафесійнай падставе, з улікам апошніх вынаходніцтваў у сферы гуманітарных навук. Канферэнцыя рыхтавалася калектывам кафедры гісторыі Беларусі і прыцягнула ўвагу шэрагу аўтарытэтных даследчыкаў. У праграму ўключаны даклады дактароў гістарычных навук І.І. Калачовай, С.А. Елізарава, Н.С. Маторавай, В.А. Пілецкага, Т.А. Навагродскага. Карысным быў удзел прадстаўнікоў маладога пакалення, для некаторых з іх канферэнцыя стала сур’ёзным полем для першых крокаў у навуку. Акрамя ўласна гісторыкаў, матэрыялы для фарміравання праблематыкі канферэнцыі даслалі палітолагі, сацыёлагі, мастацтвазнаўцы. З цікавасцю аўдыторыя заслухала паведамленні старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Т.В. Даўгач, дырэктара Музея гісторыі горада Гомеля Ю.С. Купрэевай. Многія дакладчыкі – паспяховыя выпускнікі факультэта розных гадоў.
Аб сваім намеры ўдзельнічаць заявілі навуковыя супрацоўнікі з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. Вынікамі шматгадовых напрацовак падзяліліся прадстаўнікі ўніверсітэтаў краіны: БДУ, а таксама іншых вышэйшых навучальных устаноў сталіцы; выкладчыкі з Магілева, Гомеля, Гродна, Віцебска. На паседжаннях былі абмеркаваны паведамленні музейных і архіўных супрацоўнікаў краіны. Увогуле праграма канферэнцыі змяшчае 48 дакладаў па праблемах палітычнага, эканамічнага, культурнага развіцця Беларусі. Некаторыя аўтары закраналі краязнаўчыя матэрыялы па гісторыі Гомельшчыны. Як заўсёды на папярэдніх канферэнцыях і на канферэнцыі, адбыўшайся 26 кастрычніка, акрэслівалася праблематыка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны скрозь прызму захавання гістарычнай памяці. Большасць прапанаваных тэм мае істотнае грамадскае гучанне. Плануецца выданне зборніка матэрыялаў канферэнцыі. Арганізатары ўпэўнены, што апублікаваныя матэрыялы будуць карысныя ў дзейнасці па папулярызацыі айчыннай гісторыі і культуры, актуалізуюць гістарычнае краязнаўства Беларусі і створаць надзейны падмурак для аб’ектыўнага асвятлення мінулага краіны.
Заг. каф. гісторыі Беларусі А. Р. Яшчанка