ГІСТОРЫЯ КАФЕДРЫ

 

Кафедра гісторыі Беларусі створана ў выніку аб’яднання выкладчыцкіх калектываў кафедры гісторыі СССР і БССР і кафедры палітычнай гісторыі (да гэтага кафедры гісторыі КПСС) у 1992 г. У розныя гады кафедру ўзначальвалі д.г.н., прафесар Э.М. Энцiн, к.г.н., дацэнт М.І. Старавойтаў,  к.г.н., дацэнт В.П. Пічукоў. Зараз загадчыкам кафедры з’яўляецца к.г.н., дацэнт Аксана Рыгораўна Яшчанка.

Сярод выкладчыкаў, якія працавалі на кафедры ў розныя гады, некаторыя ўзнагароджваліся нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» – вышэйшай ўзнагародай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (М.Н. Мурашка і М.І. Старавойтаў).

Кафедра працуе з навучэнцамі I і II ступеняў вышэйшай адукацыі, яна з’яўляецца  выпускаючай на факультэце гісторыі і межкультурных камунікацый. Сярод базавых дысцыплін –  «Гісторыя Беларусі», «Гісторыя культуры Беларусі», «Этналогія і этнаграфія Беларусі», «Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі», «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» і іншыя. Кафедра забяспечвае выкладанне дысцыплін, арыентаваных на паглыбленае вывучэнне гісторыі музейнай справы і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі («Гісторыя музейнай справы», «Навукова-фондавая праца», «Тэорыя і методыка музейнай справы», «Экскурсазнаўства», «Праектаванне музейнай экспазіцыі» і iнш.). За кафедрай замацавана вучэбная спецыялізацыя «Гісторыя Беларусі новага і навейшага часу». Спецкурсы  і спецсемінары ахопліваюць праблемы этнічнага, дзяржаўна-палітычнага, культурнага развіцця Беларусі ў мінулым і сучаснасці. Кафедра ажыццяўляе кіраўніцтва вучэбнымі эўрыстычнай (пошукавай), музейна-экскурсійнай, музейнай (азнаямляльнай) практыкамі, а таксама вытворчымі педагагічнай і пераддыпломнай, музейнай (экскурсійна-фондавай) практыкамі студэнтаў спецыяльнасцей «Гісторыя айчынная і ўсеагульная» i «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны». Выкладчыкі кафедры задзейнічаны ў прадрыхтоўцы студэнтаў па спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый». Наладжана вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу (падрыхтоўка ЭВМК, выданне практычных дамапожнікаў і інш.).

Вядзецца выкладанне дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага цыкла для студэнтаў усіх спецыяльнасцей ГДУ імя Ф. Скарыны. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры гісторыі Беларусі засвойваюцца веды па курсах «Гісторыя Беларусі (у кантэксце еўрапейскай цывілізацыі)», «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» і «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)».

Навукова-даследчая работа кафедры звязана з выкананнем шэрагу навуковых тэм і паглыбленым вывучэннем гарадской культуры Беларусi XIX – пачатку XXI ст. (А.Р. Яшчанка, Н.В. Корнікава, Т.А. Шкрабава), гісторыі беларуска-расійска-украінскага рэгіёну (М.І. Старавойтаў), канфесійнай гiсторыi Беларусi (А.Дз. Лебедзеў). Па выніках даследаванняў апублікавана некалькі манаграфій (А.Р. Яшчанка, М.І. Старавойтаў, А.Дз. Лебедзеў), шмат артыкулаў, у якіх раскрываюцца старонкі гісторыі і культуры Беларусі, перш за ўсё Гомельшчыны. На рэгулярнай аснове арганізуецца правядзенне  Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі «Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX – XX стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы». Асаблівая ўвага надаецца гісторыі Гомеля.  Поспехі ў навукова-даследчыцкай дзейнасці адзначаны высокімі ўзнагародамі (А.Р. Яшчанка, М.І. Старавойтаў, А.Дз. Лебедзеў), сярод якiх лаўрэацтва ў конкурсе навуковых работ ГДУ імя Ф. Скарыны «Скарынінскія навуковыя чытанні», граматы Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Гомельскага філіяла НАН Беларусі, прэмія Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, конкурсаў абласнога і гарадскога ўзроўню. У распрацоўцы гэтых праблем удзельнічаюць і студэнты, якія неаднаразова былі пераможцамі і лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў навуковых студэнцкіх работ.

Кафедра актыўна супрацоўнічае з вядучымі вучэбнымі, навуковымі і культурнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь (Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі), універсітэтамі Беларусі, Расіі, Украіны. А.Р. Яшчанка была запрошана для чытання лекцый у Венскім ўніверсітэце (Аўстрыя), быў рэалізаваны навуковы праект з Музеям горада Аффенбах у Германіі (А.Р.  Яшчанка, Н.В. Корнікава). Значныя намаганіі прыкладаюцца для падтрымкі прафесійных кантактаў з музейнымі і бібліятэчнымі ўстановамі Гомельшчыны.

За кафедрай замацаваны дзве студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі «Сябры музея» (кіраўнік Н.В. Корнікава) і «Ваколіца» (кіраўнік В.В. Цацарын). Незабыўнымі для студэнтаў сталі такія праекты, як «Гарады і музеі свету вачыма выкладчыкаў і студэнтаў», удзел у інтэрактыўных акцыях падчас Дня горада, Ночы музеяў, здымкі кінастужкі «Нам тут пашчасціла вучыцца».

Кафедра арганізуе рознапланавыя прафарыентацыйныя мерапрыемствы, бярэ ўдзел у правядзенні алімпіяд школьнікаў і студэнтаў, у тым ліку штогадова запрашае студэнцкую моладзь на Міжнародную алімпіяду «Сусветныя войны ў гісторыі чалавецтва», прысвечаную Дню вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для студэнтаў усіх вышэйшых навучальных устаноў абласнога цэнтра штогадова праводзіцца квэст па мемарыялах Гомеля, звязаных з захаваннем памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Выкладычыкі ажыццяўляюць шматлікія іншыя мерапрыемствы па патрыятычнаму выхаванню моладзі, публікуюць змястоўныя матэрыялы на старонках перыядычнага друку і выступаюць на тэлебачанні з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай і краязнаўчай тэматыкі. Кафедра надае ўвагу культурна-асветніцай дзейнасці, азнаямленню будучых спецыялістаў з культурнай прасторай універсітэта і абласнога цэнтра.