Адышоў у вечнасць наш калега, вядомы беларускі гісторык - Міхаіл Іванавіч Старавойтаў

З глыбокім смуткам паведамляем, што 23 мая 2026 г. на 75 годзе жыцця заўчасна адышоў у вечнасць наш калега, вядомы беларускі гісторык - Міхаіл Іванавіч Старавойтаў.

Міхаіл Іванавіч прысвяціў роднаму ўніверсітэту ўсё сваё жыццё. Выпускнік ГДУ, ён прайшоў вялікі працоўны шлях, пакінуўшы глыбокі след у гісторыі ўніверсітэта. На працягу шэрагу гадоў ён узначальваў партыйную арганізацыю вышэйшай навучальнай установы, імкнуўся з пачуццём павагі ставіцца да праблем кожнага супрацоўніка.   

 Ён стаяў ля вытокаў фарміравання асобнага гістарычнага факультэта ўніверсітэта, захаваўшы лепшыя традыцыі, якія скаліся ў мінулым у межах педагагічнага інстытута. М.І. Старавойтаў заўсёды добра адчуваў подых эпохі, адгукаўся на змены ў грамадскім жыцці краіны, пры гэтым не губляючы пачуццё годнасці і павагі да гістарычнай прафесіі. У 1988–2004 гадах  працаваў як дэкан гістарычнага, гісторыка-юрыдычнага факультэта. Міхаіл Іванавіч аднавіў структуру факультэта, прыцягнуў многіх выпускнікоў да выкладчыцкай справы. Большасць выкладчыкаў факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый з'яўляюцца вучнямі Міхаіла Іванавіча. Ён выхаваў не адно пакаленне прафесійных гісторыкаў, даследчыкаў і патрыётаў сваёй краіны. Яго вучні працуюць у многіх сферах дзейнасці Беларусі – ад настаўнікаў школ да музейных супрацонікаў, ад службоўцаў МУС Рэспублікі Беларусь да Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ораганах дзяржаўнага кіравання.   Пад яго чулым кіраўніцтвам і дзякуючы яго аўтарытэту гістарычны факультэт сфарміраваўся як магутны навукова-адукацыйны цэнтр рэспублікі. Былі адкрыты новыя спеыяльнасці, у тым ліку “Гісторыя. Замежная мова”. Ён спрыяў правядзенню архіўнага пошуку, арганізацыі археалагічных раскопак на Гомельшчыне.

Ураджэнец   Гомельшчыны, Міхаіл Іванавіч шмат намаганняў надаваў вывучэнню края, знаходзіў і друкаваў новыя архіўныя звесткі, ён быў аўтарытэтным  даследчыкам беларуска-расійскага памежжа, надрукаваў вялікую колькасць прац па этнадэмаграфічнаму развіццю Гомельскай вобласці першай паловы XX  стагоддзя. Міхаіл Іванавіч карыстаўся вялікай павагай навукоўцаў  Інстытута гісторыі НАН Беларусі, універсітэтаў Беларусі, вядомых гісторыкаў замежжа.   

У цяжкі час для Беларусі, калі здарылася катасрофа на Чарнобыльскай АЭС, Міхаіл Іванавіч не застаўся ў баку, ён быў ліквідатарам аварыі.

Менавіта Міхаіл Іванавіч сфарміраваў аўтарскі калектыў і сумесна з калегамі напісаў першы гістарычны нарыс развіцця нашага ўніверсітэта.  

М. І. Старавоўтаў меў шматлікія заслужаныя ўзнагароды, сярод - Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.  Для калег і студэнтаў Міхаіл Іванавіч заўсёды быў прыкладам прынцыповасці, адданасці навуцы, душэўнай цеплыні і шчырага стаўлення да сваёй справы.

Выказваем глыбокія спачуванні родным, блізкім, калегам і шматлікім вучням Міхаіла Іванавіча. Светлая памяць аб выбітным Дэкане, Настаўніку і Чалавеку назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і ў гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф. Скарыны.

Калектыў кафедры гісторыі Беларусі і

факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый

Катэгорыі